КРЫ́ЧАЎСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры канца 18 ст. Пабудаваны ў 1778—87 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. для кн, Р.А.Пацёмкіна, у 1840-я г. рэканструяваны. Мураваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак накрыты пакатым 2-схільным дахам. Арх. вырашэнне гал. фасада мае рысы несапраўднай готыкі: цэнтр вылучаны рызалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, вуглавыя пілоны завершаны зубцамі і нагадваюць вежы, аконныя праёмы стральчатай формы. Астатнія фасады расчлянёны пілястрамі. Тарцы бакавых крылаў вырашаны ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую ляпную аздобу, мармуровыя каміны, кафляныя печы. Перад палацам быў пейзажны парк (захаваўся часткова), за ім — П-падобны ў плане будынак стайні і пладовы сад.

Т.В.Габрусь, Ю.Н.Кішык.

Крычаўскі палац.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)